Кніжнымі хітамі апошніх гадоў у Еўропе і Амерыцы сталі размалёўкі для творчасці і натхнення (маляванкі для дарослых). У анлайн-крамах яны займаюць першыя радкі продажаў, а ў традыцыйных кніжных — лепшыя месцы на паліцах. Размалёўкі сталі новай арт-тэрапіяй і модным хобі людзей па ўсім свеце.
«Мая Радзіма Беларусь» — гэта маляванка па-беларуску для творчасці, натхнення і адпачынку, вынік калектыўнай працы каманды «Арт Сядзібы» і Symbal.by, беларускіх мастакоў, дызайнераў, паэтаў і выдаўцоў.
Адна з цікавостак, якая распачынае кнігу, — малюнак Алены Шаліма «Радавод». Мець радавод варта кожнаму шчыраму беларусу, які шануе продкаў і ведае гісторыю свайго роду ды краю. «Радавод» не толькі можна размаляваць, але і выканаць заданне для гэтага малюнка: «У каранях дрэва напішы імя і прозвішча, на камлі намалюй герб свайго роду, а на галінках пазнач бацькоў, дзядуль, бабуль і так далей».
«Мая Радзіма Беларусь» — унікальная маляванка для творчасці, натхнення і адпачынку ці арт-тэрапія па-беларуску! МРБ — гэта Беларусь з яе традыцыямі, сімваламі, святамі, мовай, прыродай, спадчынай, адметнасцямі пад адной вокладкай. МРБ — гэта душа нашай краіны, якую мы адмыслова пакінулі чорна-белай, каб кожны ўладальнік гэтай кнігі зрабіў яе каляровай, якой бачыць і адчувае сам. |