«Ёсць легенда пра тое, як узнік наш сцяг. Быццам жыў у Беларусі разумны і мужны князь, якога шанаваў народ і баяліся ворагі. Калі ж нападалі чужынцы — смела ішоў у бой, сам ваяваў ды іншымі камандаваў так, што непрыяцель у жаху ўцякаў. Ды неяк у сечы князя паранілі: чужы рыцар мечам рассек яму лоб. Верныя сябры вынеслі князя з поля бітвы і перавязалі рану белым палатном».
Усе беларусы ведаюць гэтую гісторыю, але не ўсе памятаюць адкуль.
Большасць з нас упершыню чытала яе ў кнізе Вінцука Вячоркі «Пра герб і сцяг», якую праілюстраваў Пётр Драчоў.
«Мы беларусы, наша краіна – Беларусь. Народаў і краін у свеце шмат. У Швецыі жывуць шведы, у Польшчы – палякі, у Расеі – расейцы. Кожная краіна, кожны народ адрозніваецца ад іншых: моваю, звычаямі, вопраткай, выглядам. Кожны народ і краіна маюць свае знакі», – гэткімі словамі распачыналася легендарнае выданне.
Кніга выйшла ў 1993-м у выдавецтве «Беларусь» накладам у 90 тыс. асобнікаў і з таго часу не перавыдавалася. Таму цяпер «Пра герб і сцяг» – бібліяграфічная рэдкасць. Мы лічым несправядлівай сітуацыю, калі гісторыю пра рыцараў у цяжкіх жалезных латах, якія малявалі знакі свайго роду на шчытах, могуць прачытаць не ўсе.
Таму прапаноўваем бясплатна спампаваць кнігу ў pdf-фармаце. |