На ровары-каровары мы ехалі празь лес. На ровары-каровары ніхто да нас ня лез. На ровары-каровары мы везьлі смакату. На ровары-каровары любімаму кату, ўлюбёнаму кату, і любаму кату, ту-ту-ту, ту-ту, ту, ту-ту-ту, ту-ту, ту, ту-ту-ту, ту-ту, ту...
Падчас практыкаваньня "пераварочваньне з боку на бок”
Чок-чок-чок – на бачок, гі-гі-гі – на другі.
Падчас масажу стопаў
Пятачка ў дзяўчынкі (хлапчынкі), пятачок у сьвінкі. Мы пачэшам пятачок – і пачуем "рох-рох-рох”. Мы пагладзім пятачку і паклічам татачку.
Падчас лётаньня
Палётаем, палётаем на маміных (татавых) руках. Палётаем, палётаем і ўскрыкнем: "Ах!”
Падчас кармленьня дзяўчынак
Будзем есьці, будзем есьці, каб узорнай быць нявесьце, каб і прынцу гатавала смажаніну, боршч і сала.
Будзем есьці, будзем есьці, каб разумнай быць нявесьце, каб і прынцу гатавала, раз на тыдзень – не замала.
Будзем есьці, будзем есьці, каб вясёлай быць нявесьце, каб і прынцу гатавала раз на тыдзень вельмі мала.
Адпусьцім паветра на волю – няхай будзе лепшая доля, бо цяжка сядзець у жывоціку і вуркатаць, і вуркатаць, і вуркатаць, нібы коціку.
Падчас ікоткі
Ізноўку напала на нас паганая котка Ікотка. Пагонім яе мы на прас, хай мяўкае цёплыя ноткі.
Падчас "агуканьня” альбо нейкай прозьбы
Я табе дапамагу, тады скажаш мне: "Агу”. А ты мне дапамажы, я скажу табе: "Жы-жы”.
Падчас купаньня
Тых-тых, тых-тых – левай ножкаю бултых. Тых-тых, тых-тых – правай ножкаю бултых. Тых-тых, тых-тых – ты і ручкамі бултых. Тых-тых, тых-тых – ты ўсьміхаешся для тых, хто і ўвечары, і ўночы мыць цябе заўжды ахвочы.
Падчас укладваньня спаць
Ляжам спаць у ложачак, тут ня ходзіць вожычак. Тут і тата спаць хацеў, ды ня ўлез, хоць шмат ня еў.
Зімовае прызнаньне ў любові да дачкі
Дзяўчыначка-сьняжыначка зьляцела на Зямлю. Сьняжынка не растала, бо я яе люблю.
Бясконцыя фразы для закалыхваньня-супакойваньня (невядома, дзіцяці ці сябе)
Лі-лі-лі, лі-лі-лі – ты анёлак ня Зямлі.
Лю-лю-лю, лю-лю-лю – я анёлачка люблю.
Ле-ле-ле, ле-ле-ле – нехта слёзкі лье і лье.
Лё-лё-лё, лё-лё-лё – лепей ты скажы "алё”.
Бе-бе-бе, бе-бе-бе – пацалую я цябе.
Рэ-рэ-рэ, рэ-рэ-рэ – зараз восень на дварэ.
Ма-ма-ма, ма-ма-ма – а да нас ідзе зіма.
Не-не-не, не-не-не – Будзем радыя вясьне.
Но-но-но, но-но-но – будзе лепшае кіно.
Ру-ру-ру, ру-ру-ру – мы пабачым кенгуру.
Ду-ду-ду, ду-ду-ду – так гаворыць какаду.
Бу-бу-бу, бу-бу-бу – мы паклічам марабу.
Ву-ву-ву, ву-ву-ву – Будзем есьці мы халву.
Ан-ан-ан, ан-ан-ан – будзем біць мы ў барабан.
Дзе-дзе-дзе, дзе-дзе-дзе – мы паграем на дудзе.
Ян-ян-ян, ян-ян-ян – парасьцягваем баян.
Ус-ус-ус, ус-ус-ус – мы накруцім тату вус.
Ос-ос-ос, ос-ос-ос – пацалуем татку ў нос.
Кі-кі-кі, кі-кі-кі – дакранемся да шчакі.
Яж-яж-яж, яж-яж-яж – зробім маме макіяж.
Ро-ро-ро, ро-ро-ро – пад зямлёю ёсьць метро.
Ях-ях-ях, ях-ях-ях – а на небе – Млечны Шлях.
Ес-ес-ес, ес-ес-ес – мы паедзем хутка ў лес.
Ён-ён-ён, ён-ён-ён – падае далоню клён.
Ок-ок-ок, ок-ок-ок – скінуў жолуд нам дубок.
Ёс-ёс-ёс, ёс-ёс-ёс – будзе ў нас шчасьлівы лёс.
Ас-ас-ас, ас-ас-ас – мы ўзьбярэмся на Парнас.
Бом-бом-бом, бом-бом-бом – будзем піць жыцьцё нагбом.